ДРЫ́СЕНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 18—20 ст. Утвораны 4.9.1776 у Полацкай губерні пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. 23.12.1796 скасаваны, яго тэр. перададзена Беларускай губерні. 11.3.1802 адноўлены ў складзе Віцебскай губерні. Цэнтр — г. Дрыса. Пл. 2568, 9 кв. вёрст, нас. 97 083 чал. (1897). Уключаў 17 валасцей: Асвейскую, Дзёрнавіцкую, Замашанскую, Зябкаўскую, Ігналінскую, Каменскую, Каханавіцкую, Клясціцкую, Прыдруйскую, Пустынскую, Сар’янскую, Стрыжанскую, Сушкоўскую, Таболкаўскую, Філіпаўскую, Юстыянаўскую і Юхавіцкую; 7 мястэчак, 811 паселішчаў сельскага тыпу. У студз. 1919 Клясціцкая вол. перададзена ў Полацкі павет. Паводле мірнага дагавора Расіі з Латвіяй ад 11.8.1920 Прыдруйская і Пустынская вол. ўвайшлі ў склад Латвіі. Скасаваны 15.2.1923, яго тэр. ўключана ў Полацкі пав.

т. 6, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)